Алена Дзядзюля, газета «Звязда»
Здавалася, не так ўжо складана паклапаціцца аб сабе і сваіх блізкіх — проста выбіраць у крамах правільныя прадукты. Але сёння, відаць, ужо трэба вучыць беларусаў, чым напаўняць спажывецкі кошык і што падаваць на стол. Дэфіцыт вітамінаў, мінералаў, харчовых валокнаў, паўнавартасных жывёльных бялкоў, поліненасычаных тлустых кіслот – тыя праблемы, пра якія беларусам пастаянна нагадваюць вучоныя. Напэўна, вырашаць пытанні, звязаныя з фарміраваннем культуры харчавання, неабходна ўжо на самым высокім узроўні. Напрыканцы мінулага года распрацавана канцэпцыя дзяржаўнай палітыкі ў галіне здаровага харчавання на перыяд да 2020 года. Яе распрацоўшчык – Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па харчаванні.
— Мы прыйшлі да гэтага праекта не выпадкова, а год за годам стваралі прадукты харчавання, — заўважае дырэктар цэнтра Зянон Лоўкіс. – Сёння неабходна, каб чалавек мог атрымаць з прадукту максімальную карысць. Здароўе чалавека на 70 працэнтаў залежыць ад таго, што мы ўжываем. Атлусценне, цукровы дыябет, сардэчна-сасудзістыя, анкалагічныя і іншыя захворванні звязаны з харчаваннем. У той жа час збалансаваны, разнастайны рацыён – найлепшая прафілактыка. І ўсе нашы падраздзяленні займаюцца такім напрамкам, як аздараўленчае, прафілактычнае харчаванне.
Трэба сказаць, што за год цэнтр прапануе 500-600 рэцэптур. Сярод іх — прадукты для цяжарных жанчын і кормячых маці, спартсменаў. У межах асобнай галіновай праграмы створаны прадукты харчавання для людзей сталага ўзросту: алеі, напоі, хлебабулачныя, мясныя і малочныя вырабы. Вельмі многа зроблена для маленькага насельніцтва, у тым ліку і для дзяцей, якія маюць пэўныя праблемы, хварэюць на цэліякіяю і фенілкетанурыю.
Плануецца, што ў межах новай праграмы больш увагі будзе надавацца інфармаванню насельніцтва. Прычым веды аб карысных і шкодных прадуктах будуць атрымліваць нават малыя. У школах і дзіцячых садках, на думку навукоўцаў, трэба расказваць, для чаго патрэбны пэўныя вітаміны і мінералы і якія наступствы могуць быць пры іх лішку. Знаёміць жа малых з вітамінамі можна, напрыклад, адначасова з вывучэннем алфавіта.
Карысныя прысмакі
Калі так складана змагацца з харчовымі перавагамі, чаму б не паспрабаваць пайсці іншым шляхам? Напрыклад, зрабіць любімыя дзецьмі прысмакі карыснымі. Уважліва чытайце этыкеткі, шукайце ў магазінах прадукты, узбагачаныя вітамінамі, мінеральнымі рэчывамі: магніем, фосфарам, жалезам, каліем.
Сярод распрацовак вучоных – вітамінізаваныя шакалад, цукеркі, печыва. Карамель і мармелад на ізамальце (цукразамяняльнік новага пакалення) – падыдуць нават дыябетчыкам. Бацькам ласуноў варта звярнуць увагу на мармелад з растваральнымі харчовымі валокнамі (алігафруктозай ці інулінам). Лімонна-апельсінавы мармелад – ласунак, які можна даваць хворым на цэліякію, бо ён выпускаецца з кантролем глютэну.
Для дзяцей школьнага ўзросту вучоныя напрацавалі рэцэптуры на мучныя і кандытарскія вырабы. Завяршылася распрацоўка кексаў, збалансаваных па сваім кампанентным саставе з улікам патрэб дзяцей гэтай узроставай групы.
Дзіця вас просіць набыць «снікерс» – кіньце ў спажывецкі кошык батончык-мюслі. Гэта цалкам натуральны прадукт, без цукру, на мёдзе і, як бонус, з рознымі карыснымі дабаўкамі (напрыклад, як у адной з навінак — з насеннем ільну). Для малых, якія толькі вучацца жаваць, беларускія вучоныя распрацоўвалі тэхналогіі па вытворчасці растваральнага пячэння (раней такой айчыннай прадукцыі не было, яна ўвозілася з-за мяжы).
Вялася работа нават над альтэрнатывай чыпсам. Можна згадаць пра такі прадукт, як «яблыкі «Залатыя лустачкі» – гэта фруктовыя чыпсы, калі яблык вельмі тонка нарэзаны, вымачаны ў цукровым сіропе і высушаны. Цяпер распрацоўваецца шырокая лінейка прадуктаў з дабаўленнем пюрэ тапінамбура: сухія сумесі для аладак, хлеб; вучоныя рабілі ўжо і пробную партыю бульбяных чыпсаў з дабаўленнем тапінамбура.
Дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся
Адна з парад, якую навукоўцы даюць спажыўцу, – набываць прадукцыю «мясцовага паходжання». Напрыклад, нашым страўнікам больш падыходзіць айчынная агародніна і садавіна, а на заморскія плады часта бывае алергія. Таму, калі выправіцеся па вітамінную прадукцыю, звярніце ўвагу на беларускую. Усе сокі, нектары, пюрэ робяццца з айчыннай сыравіны. У нашай краіне пры вытворчасці прадуктаў для дзяцей забаронена выкарыстанне кансервантаў, узмацняльнікаў смаку, араматызатараў, фарбавальнікаў. А вось замежныя прадукты нават для самых маленькіх спажыўцоў часам могуць быць з «сюрпрызам».
Неяк супрацоўнікі аддзела тэхналогій кансервавання заўважылі, што ўскрыты слоік з імпартным дзіцячым харчаваннем прастаяў 2 месяцы (!) пры пакаёвай тэмпературы і з ім нічога не адбылося. Вучоныя былі ўзрушаны. Хіба ёсць што жывое ў такім пюрэ? Што ў яго дабаўлялася? Ці можна такую ежу прапаноўваць немаўлятам?
– У Беларусі ў галіне дзіцячага харчавання жорсткі кантроль па паказчыкам якасці і бяспекі, – расказвае начальнік аддзела інфармацыйнай і кадравай работы Алена Кізеева. – Пільна адбіраецца сыравіна, прадпрыемствы маюць для яе нарыхтоўкі свае зоны. І не трэба думаць, што дзецям можна купіць у магазіне любую вялікую ўпакоўку соку і ён будзе карысным. Дзіцячыя сокі і нектары па сваіх паказчыках адрозніваюцца ад дарослых. Для іх, напрыклад, існуюць свае патрабаванні па кіслотнасці.
Сучасным мамам не трэба ламаць галаву, як зрабіць больш разнастайным меню немаўлят. У асартыменце – фруктовыя пюрэ з вяршкамі, шматкамі, тварагом. Але мала хто ведае, што існуюць і прадукты, карысныя для прафілактыкі нервовай узбуджальнасці дзяцей. Былі праведзены клінічныя даследаванні на базе Віцебскага медуніверсітэта і ўстаноўлена, што калі дзіця ўжывае гэтыя сокі і пюрэ, у яго паляпшаецца сон, яно становіцца больш спакойным, лягчэй адаптуецца да навакольнага асяроддзя. Сакрэт тут не толькі ва ўнясенні магнію і іншых мінералаў. Карпатліва падбіраецца кампанентны састаў, сыравіна.
Часам у спажыўцоў з’яўляюцца пытанні — чаму, напрыклад, у дзіцячы сок прыўносяцца вітаміны. Але, калі даследаванні паказваюць, што беларусы мала спажываюць свежай садавіны і агародніны, а ў прадуктах, якія праходзяць тэрмічную апрацоўку, натуральных вітамінаў захоўваецца няшмат, магчыма, такія дабаўкі – адно з рашэнняў, як змагацца з дэфіцытам карысных рэчываў.
Двайны кантроль
Не спакушайцеся надпісамі на імпартных упакоўках. Часта насамрэч у прадукце няма тых вітамінаў і мінералаў, пра якія заяўляюць замежныя вытворцы.
Пры навуковым цэнтры створаны кантрольна-выпрабавальны комплекс, у складзе якога 4 лабараторыі, больш як 150 адзінак самага сучаснага абсталявання. Гэта дазваляе праводзіць маніторынг сыравіны і прадуктаў. Прычым даследаваць тут могуць да тысячы параметраў. Правяраецца не толькі айчынная прадукцыя, але і замежная.
— Наша прадукцыя не горшая, а часта нават лепшая за імпартную. Напрыклад, у Еўрасаюзе ў першую чаргу кантралюецца сыравіна. У нас жа здзяйсняецца двайны кантроль – і сыравіны, і прадукцыі, якая з яе вырабляецца, — заўважае начальнік Рэспубліканскага кантрольна-выпрабавальнага комплексу па якасці і бяспецы Ірына Пачыцкая.— Мы распрацоўваем методыкі, якія дазволяць з высокай дакладнасцю ўстанавіць колькасць асобных кампанентаў, ідэнтыфікаваць прадукты харчавання, выявіць выпадкі фальсіфікацыі. У імпартнай прадукцыі мы знаходзілі кансерванты, якія не былі заяўлены на этыкетцы. Гародніна, якая ўвозіцца, часам змяшчала перавышальную колькасць нітратаў. Такая прадукцыя бракуецца і ўтылізуецца.
Вучонымі праведзена вялікая праца па даследаванні маргарыну, спрэдаў і іншай маслатлушчавай прадукцыі на наяўнасць трансізамераў тлустых кіслот, якія могуць прыносіць шкоду здароўю. Сёння на этыкетках вы можыце ўбачыць інфармацыю пра колькасць гэтых рэчываў. Цяпер вучоныя распрацоўваюць методыкі па выяўленні пальмавага алею ў рознай прадукцыі.
Кантралюецца і колькасць сапанінаў. Так, пры вытворчасці халвы выкарыстоўваецца экстракт кораня салодкі, які змяшчае сапаніны – рэчывы, якія выклікаюць згусанне крыві. Бяспечныя для дорослых, сапаніны могуць засвойвацца ў далікатных страўніках дзяцей і прыносіць шкоду здароўю.
Між іншым, распрацаваныя вучонымі методыкі дазваляюць абараняць як спажыўцоў, так і вытворцаў. Напрыклад, айчынныя прадпрыемствы пры вытворчасці шакаладу выкарыстоўвалі масла какавы, а прадукцыя, што ўвозіцца, змяшчала яго эквіваленты. Недасведчаны пакупнік спакушаўся на больш танныя замежныя прысмакі. Але сёння дзякуючы наладжанаму кантролю, мы абаронены ад увозу падобнай няякаснай прадукцыі.
Уважліва чытайце надпісы на этыкетках і выбірайце найлепшае!
Салодкае жыццё
Жыхарам Беларусі трэба перагледзець свой рацыён. Як заўважыла начальнік упраўлення абароны правоў спажыўцоў і кантролю за рэкламай Міністэрства гандлю Беларусі Ірына Барышнікава, мы спажываем цукру больш за норму на 11,5 кілаграма за год. І справа тут не толькі ў любові да салодкага чаю: лішні цукар мы атрымліваем у тым ліку з кандытарскіх вырабаў, газіраваных напояў. Трэба адзначыць, што сёння вядзецца работа па кандытарскіх галінах — прадпрыемствы пераходзяць на замяняльнікі цукру новага напрамку.
На душу насельніцтва ў год прыпадае таксама лішніх 18 кг мяса, 47,9 кг бульбы, 7,6 кг алею, 41 яйка. Затое спажыванне рыбы не даходзіць да нормы на 4,2 кілаграма на чалавека ў год. Як ні дзіўна, малочных прадуктаў мы таксама недаатрымліваем, прычым на 91,5 кілаграма!
Актыўней беларусам трэба «налягаць» на садавіну і агародніну. Тым больш што недахопу ў айчыннай плодаагародніннай прадукцыі сёння няма. За апошнія дзесяць гадоў у краіне пабудавана больш за 100 гектараў цяпліц, што дазваляе атрымліваць вітамінную прадукцыю круглы год. Як паведаміла намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення раслінаводства Мінсельгаспрада Таццяна Карбановіч, штогод краіна нарошчвае экспарт. Так, летась па бульбе ён дасягнуў больш як 300 тысяч тон, па агародніне — 200 тысяч тон. Больш краіна стала вырошчваць яблыкаў, і цяпер праводзіцца маштабная праграма па закладцы новых садоў.