Алена Дзядзюля Грамадства.
Мы не мінаем прылаўкі са свежай выпечкай, спакушаемся на яркія ўпакоўкі і на розныя рэкламныя акцыі. У выніку часта на стол трапляюць зусім не тыя прадукты, якія маглі б прынесці карысць. І адна бяда, калі мы самі няправільна харчуемся, але мы прывучаем да гэтага нашых дзяцей… У ста грамах упадабанага дзецьмі газіраванага напою можа ўтрымлівацца сталовая лыжка(!) цукру. Можаце падлічыць самі, якую дозу дзіця атрымае, калі вып’е цэлую бутэльку. І мы яшчэ пасля гэтага будзем здзіўляцца росту розных захворванняў? Толькі лішкам цукру можна справакаваць цэлы букет хвароб, у тым ліку анкалогію. Нават жавальныя гумкі ўтрымліваюць штучныя падсалоджвальнікі, што можа садзейнічаць развіццю таго ж дыябету.
Пры стварэнні печыва выкарыстоўваецца маргарын, які можа да 40 працэнтаў складацца з транстлушчаў. Але калі вашым сямейным так складана адмовіцца ад «пячэнек» і іншых мучных вырабаў, паспрабуйце замяняць іх блінамі. Мы набываем дзеткам розныя ёгурты і спадзяёмся, што такі прадукт будзе карысным. Але насамрэч, многае з таго, што прадаецца ў магазінах, нічога акрамя пустых вугляводаў не дасць. А ў саставе могуць быць яшчэ і згушчальнікі, стабілізатары, араматызатары. Ды і наогул многае з такой прадукцыі… ёгуртам не з’яўляецца. — Ёгурт — турэцкая назва кіслага малака, зброджанага двума відамі бактэрый. Наша мечнікаўская сыракваша — якраз і ёсць сапраўдны ёгурт. Але ці будуць сёння дзеці ці моладзь купляць яе? Яны не чытаюць этыкеткі і тым больш тое, што напісана дробным шрыфтам. Людзі не ўмеюць адрозніваць такія прадукты і вытворцы ўмела маніпулююць назвамі, — заўважае начальнік аддзела харчавання Навукова-практычнага цэнтра Нацыянальнай акадэміі навук па харчаванні Валерый Шылаў. — Магчыма, паўплываць на выбар спажыўца мы зможам тады, калі на карысных прадуктах будзе спецыяльная маркіроўка, і яны будуць выстаўляцца на асобных прылаўках. Зараз у продажы можна знайсці прадукты з жывымі прабіятычнымі бактэрыямі. Кісламалочныя прадукты каштуюць нядорага, а карысці нясуць шмат. Тая ж сыракваша мечнікаўская — добры дыетычны прадукт, які падыдзе людзям рознага ўзросту. Бактэрыі, якія там утрымліваюцца, паляпшаюць нашу мікрафлору, стымулююць імунітэт. Яе ўжыванне — гэта адзін са спосабаў аздараўлення.
Навукоўцы ўсяго свету бясконца вывучаюць прадукты, і часам тое, што раней лічылася карысным, таксама трапляе ў катэгорыю небяспечных. Так, Сусветная арганізацыя аховы здароўя апошнім часам «накінулася» на чырвонае мяса. — Мяса проста трэба ўмець гатаваць, — заўважае Валерый Вікенцьевіч. — Калі яго варыць, тушыць, не ўжываць вэнджаніну, беконы, каўбасы і г.д., многіх праблем, пра якія сёння загаварылі, можна пазбегнуць. Некаторыя даследчыкі заяўляюць, што пры высокай тэмпературы пры перапрацоўцы мяса ўтвараюцца шкодныя рэчывы, якія стымулююць развіццё розных захворванняў: атэрасклерозу, нырачнай недастатковасці, інсульту, дыябету, раку страўніка і хваробы Альцгеймера. Нават са сланечнікавым алеем трэба абыходзіцца асцярожна — пры яго лішку таксама могуць узнікаць праблемы. — Калі выбіраць з усіх алеяў, якія ёсць на рынку, зараз найлепшым у суадносінах кіслот амега-3 і амега-6 з’яўляецца рапсавы, гэта аптымальны для здароўя чалавека варыянт, — раіць вучоны. — Пажадана ўжываць рыбу 1-2 разы на тыдзень, яна ўтрымлівае амега-3, і такі прадукт дазваляе змагацца з халестэрынам, лішняй вагой, добры для сардэчна-сасудзістай сістэмы. Вельмі карысная тлустая рыба: скумбрыя, селядзец, сайра, сёмга, стаўрыда, гарбуша.
Правілы здаровага харчавання
1) Чым менш апрацаваны прадукт — тым ён больш карысны. Нават салаты з гандлёвых кропак — не лепшы выбар спажыўца. Нарэзаная ежа менш карысная, чым прыгатаваная свежая. А калі набытыя вамі прадукты доўга захоўваюцца, значыць у іх прыўносіліся розныя ненатуральныя кампаненты.
2) Неабходна памяншаць ужыванне солі. Такі просты спосаб даступны кожнаму — проста не саліце свае стравы. У свой час фіны знізілі ўжыванне солі да 5 грамаў у суткі, у выніку ім удалося значна паменшыць захворванне сардэчна-сасудзістымі паталогіямі, атэрасклерозам і інш.
3) Па рэкамендацыях Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, штодзень трэба з’ядаць не менш за паўкілаграма гародніны і садавіны.
— Чалавечы арганізм створаны дасканалым. Немагчыма прыдумаць нешта, што будзе лепш, чым у прыроды. І харчавацца лепш, тым «што Бог паслаў», — так вы будзеце падтрымліваць сваё здароўе, — параіў вучоны. — Ежа — гэта таксама лекавы сродак, бо правільным харчаваннем можна паправіць здароўе. Ужыванне рэгулярна садавіны і гародніны зніжае рызыку развіцця раку, дыябету, артрыту, захворванняў мозга. Навуковец упэўнены, што найперш трэба працаваць з сям’ёй, прывіваць культуру харчавання. Каб замест макаронаў дзецям прапаноўваўся бабовы суп, замест смажня — малочныя прадукты. Чаму б мамам не гатаваць ежу разам з дзеткамі і заадно расказваць, якія прадукты карысныя? У рэшце рэшт, трэба пазмагацца і са сваімі густамі. — Самая вялікая праблема ў галовах. Ці зможаце вы адмовіцца ад прадуктаў, якія пастаянна ўжываеце? — цікавіцца Валерый Шылаў. — Нездарма кажуць: «Ты ёсць тое, што ты ясі». Мы культывуем тыя бактэрыі, якія перапрацоўваюць нашу ежу, жывём з імі ў сімбіёзе. У сваю чаргу, бактэрыі пачынаюць «патрабаваць» пэўнае харчаванне. Так, калі ўжываеце прадукты, якія ўтрымліваюць дрожджы, вам будзе хацецца іх яшчэ і яшчэ. Тое ж і з салодкімі стравамі. Гэта харчовая залежнасць. Многа праблем са здароўем узнікае праз няправільную бактэрыяльную флору. Магчыма, адным з інструментаў па настройцы на здаровае харчаванне можа стаць і кухня ў дзіцячай установе. Калі ў школьнай сталоўцы хлопчыкі і дзяўчынкі з задавальненнем будуць упісваць розныя стравы, можа яны не пацягнуцца пасля ўрокаў па фастфуд? Запрашаем да дыскусіі Ці задаволены вы харчаваннем у дзіцячых установах? Што б хацелі бачыць у школьным меню? Якія прадукты падабаюцца хлопчыкам і дзяўчынкам? Адказаў на гэтыя пытанні чакаюць у Навукова-практычным цэнтры Нацыянальнай акадэміі навук па харчаванні. Прымаюцца меркаванні ўсіх — бацькоў, школьнікаў, настаўнікаў. Плануецца ў найбліжэйшы час запусціць праграму па аптымізацыі дзіцячага харчавання. Будзе створана заканадаўчая база, перагледжаны нормы спажывання для арганізаваных груп дзяцей. Абмяркоўваецца пытанне аб рэалізацыі прадуктаў у кантэйнерах (пакетах). Будуць распрацаваны ўзбагачаныя прадукты, кансервы з агародніны і рыбы, мясныя вырабы з паніжаным утрыманнем солі, кандытарскія і хлебабулачныя вырабы. Таксама з’явяцца новыя прадукты прафілактычнага і функцыянальнага прызначэння, якія здымаюць рызыку атлусцення, цукровага дыябету, хвароб сэрца. Меркаванне: Абед па заяўках? — У мяне ёсць ідэя, — заяўляе сынок, якога забіраю з дзіцячага садка. — Якая? — Паесці! У тры гады малы выглядае на пяць. І, зразумела, тыя «нормы», што прапісаны для ясельнай групы, якую ён наведвае, яму не падыходзяць. Але не скажу, што жаласлівая заява малога мяне здзівіла, двое маіх старэйшых дзетак, калі былі ў дашкольным узросце, часцяком прыходзілі з садка галоднымі. Завітайце на любы форум, дзе закранаюцца пытанні дзіцячага харчавання — зразумееце, што сапраўды тэма гэта балючая. Бацькі гавораць і пра кашу «размазаную па талерцы», і пра дэфіцыт мяса і рыбы, пра адсутнасць свежай садавіны, гародніны, сокаў. Ды і густы малых ніхто не ўлічвае. Калі ваш капрызун не есць тушаную капусту, буракі ці пярлоўку — сядзець яму галодным. На жаль, бацькі ніяк не могуць уплываць на тое, што і ў якой колькасці будзе на талерках нашых дзетак у садку. Хаця здавалася б не так ужо і складана правесці анкетаванне мам і татаў і скласці меню, каб прадукты спажываліся малымі, а не ішлі ў адходы. Можа і плату за садок, як з тымі камунальнымі плацяжамі, варта распісаць і на харчаванне выдзеліць асобны радок. Бацькам, якія хочуць, каб іх дзеткі атрымлівалі лепшую ежу, даць магчымасць даплачваць за закупку дадатковых інгрэдыентаў. Можа так мы зможам аператыўна рэагаваць на праблемы з харчаваннем дашкольнікаў, якія ўзнікаюць з ростам цэн на прадукты.
Сыракваша замест «ёгурту» Чаму варта адмовіцца ад шкодных прадуктаў?
Posted in Без рубрики.