Чаму ў краіне расце колькасць алергікаў? Ці не звязаны рост захворванняў з прадуктамі харчавання? Як захаваць здароўе маладога пакалення? Менавіта з разгляду гэтых пытанняў пачалася наша размова… аб ахове правоў спажыўцоў.
Відаць, сёння нам, пакупнікам, сапраўды ўжо трэба, адстойваючы свае правы, клапаціцца пра здароўе блізкіх. Мы маем права на поўную і дакладную інфармацыю, але, на жаль, мала што ведаем аб прадуктах харчавання, якія трапляюць у гандлёвую сетку.
— Сёння расце колькасць скаргаў на якасць прадуктаў, людзі занепакоены тым, што ў іх саставе шмат дабавак. Навошта прыўносіць іх нават у асноўныя прадукты харчавання, такія як хлеб? — заўважае старшыня праўлення грамадскага аб’яднання «Мінскае таварыства спажыўцоў» Ірына Астаф’ева.
— Калі паглядзець на састаў прадукцыі, хочацца падлічыць, колькі ж у ёй натуральных кампанентаў. Разам са студэнтамі кафедры харчовых і нехарчовых тавараў БДЭУ мы спрабавалі рабіць падлікі, і ў нас атрымалася, што на кілаграм каўбасы прыпадае 300-400 харчовых дабавак. Скардзяцца людзі на празмернасць солі, а ў прадуктах, якія набываюць дзецям, — цукру. Выбраць здаровыя прадукты вельмі складана. Наспела сітуацыя, калі трэба абмежаваць вытворцаў па колькасці і вазе харчовых дабавак. Сёння, паколькі рыхтуецца новая рэдакцыя Закона аб абароне правоў спажыўцоў, напэўна, варта было б узняць пытанне аб тым, каб вытворцы састаў прадукту ўказвалі не толькі па ўбыванні інгрэдыентаў, але і па масе. Вытворцаў ужо абавязалі называць харчовую дабаўку не толькі літарамі і лічбамі, але і расшыфроўваць, пазначаць найменне.
І наступны крок — гэта ўказанне яе вагі. Пакупнік павінен ведаць, напрыклад, колькі ў каўбасе натуральнага мяса і колькі ў працэнтных суадносінах на кілаграм прадукцыі ўнесена дабавак. Калі мы зробім настолькі празрыстым састаў па колькасці інгрэдыентаў, будзем садзейнічаць таму, каб на рынку з’яўлялася прадукцыя больш натуральная. 20 гадоў таму, калі паўстала пытанне аб тым, што ежу трэба вітамінізаваць, да яго ставіліся вельмі жорстка, спрачаліся, колькі вітамінаў дабаўляць, як іх спалучаць. А сёння харчовыя дабаўкі заваявалі наш рынак, прадаюцца ў вялікай колькасці, і няма ніякага кантролю над тым, як яны ўзаемадзейнічаюць, як можа такі мікс, ды яшчэ ў спалучэнні з біялагічна актыўнымі дабаўкамі, уплываць на арганізм чалавека.
Таксама на ўпакоўцы трэба пазначаць не толькі прадпрыемства, якое вырабіла пэўную прадукцыю, але і крыніцу сыравіны, як гэта робіцца ў Еўропе. Напрыклад, у якой гаспадарцы гадавалася карова, чым кармілася, і дзе пасля яе мяса пераапрацоўвалі. Спажывец , які клапоціцца пра сваё здароўе, павінен ведаць, адкуль паступае прадукцыя.
— Ці можа сёння спажывец нейкім чынам высветліць, што за прадукцыя трапляе на рынак, наколькі яна натуральная?
— Людзі звяртаюцца з такімі запытамі, але не створаны яшчэ дастатковыя ўмовы, каб ім дапамагчы. У нас няма пры грамадскіх арганізацыях (і пры гандлёвай інспекцыі таксама), у параўнанні з краінамі СНД і Еўропы, лабараторый, якія правяраюць якасць. Санітарная служба і ўсе лабараторыі, якія маюцца сёння ў Беларусі, акрэдытаваны па паказчыках бяспекі: значыць, яны правяраюць наяўнасць шкодных элементаў у прадуктах харчавання. Напрыклад, пестыцыдаў, гербіцыдаў, радыеактыўных элементаў, прымесяў свінцу, кадмію… Наша арганізацыя можа па скаргах спажыўцоў выходзіць у гандлёвыя прадпрыемствы, закупляць прадукцыю і праводзіць экспертызу па арганалептыцы (смак, пах, колер, кансістэнцыя) і па наяўнасці, дакладнасці і дастатковасці інфармацыі. А правесці экспертызу па якасці, харчовай каштоўнасці, ідэнтыфікаваць наяўнасць тлушчаў, бялкоў, вугляводаў, вітамінаў, мінералаў сёння немагчыма, таму што няма адпаведнай лабараторыі. Прычым лабараторныя даследаванні павінны праводзіцца не толькі па скаргах спажыўцоў, неабходны і маніторынг. Напрыклад, у Расіі падобныя даследаванні прадукцыі праводзяцца пры грамадскіх арганізацыях, выходзіць перадача «Кантрольная закупка». У Еўропе створаны інстытуты, якія займаюцца экспертызай тавараў, і інфармацыя даводзіцца да спажыўцоў. Выходзіць нават спецыялізаваны часопіс. Гэта добрыя рычагі ўплыву на вытворцу і прадаўца. Сёння і нам трэба мяняць падыходы і фарміраваць сістэму абароны правоў спажыўца на дзяржаўным узроўні. Неабходна, каб палажэнне аб стварэнні лабараторыі было прапісана ў дзяржаўнай праграме.
— Магчыма, трэба ўводзіць і спецыяльную маркіроўку на натуральную прадукцыю?
— У свой час наша арганізацыя зарэгістравала таварны знак «Спажывецкая ацэнка якасці», які мы маглі б ставіць на падобных таварах. Наша арганізацыя — экспертная і, калі б нам дзяржава перадала лабараторыю, магла б займацца кантролем і маніторынгам. У галіне абароны правоў спажыўцоў мы шмат чаму вучымся ў суседзяў. Так, у Расіі створаны незалежны орган «Расспажыўнагляд», а ў нас, між іншым, абарона правоў спажыўцоў аднесена да ведамства Міністэрства гандлю. На маю думку, была дапушчана памылка, калі ў 2012 годзе быў адменены грамадскі кантроль. Яго трэба вярнуць, упарадкаваць. Грамадскія кантралёры павінны працаваць у дапамогу дзяржаўным кантрольна-наглядным органам, каб абараняць правы спажыўцоў.
— Чаму толькі дзяржаўнага кантролю недастаткова?
— Таму што сёння дзяржаўныя кантралёры, як і грамадскія, не маюць сваіх лабараторый. Акрамя таго, абарона правоў спажыўцоў — гэта кваліфікацыя, якой трэба навучаць. Кантралёр павінен валодаць ведамі ў галіне сертыфікацыі, стандартызацыі, умець счытваць таварную інфармацыю, ведаць санпіны і г.д. Сёння такіх спецыялістаў у Беларусі не рыхтуюць, хоць у нашай арганізацыі ёсць вопыт і мы пры даручэнні дзяржавы і стварэнні пэўнай праграмы маглі б праводзіць курсы. Дарэчы, для спажыўцоў пры нашай грамадскай арганізацыі таксама чытаюцца лекцыі, дзе мы знаёмім з законам. Закон аб абароне спажыўцоў дапамагае актывізаваць грамадства ў галіне яго спажывецкай дасведчанасці. Такім чынам, дзяржава можа не ўкладаць вялікіх грошай у кантроль, бо спажывец сам сочыць за сітуацыяй, пакідае заўвагі. Раней і пры міністэрствах была добра пастаўлена работа па абароне спажывецкіх правоў, збіраўся каардынацыйны міжведамасны савет, працу якога неабходна аднавіць.
— Якасць жыцця залежыць ад нас саміх?
— Безумоўна. Мы павінны змагацца і за чысціню нашай краіны. Так, сёння ў магазінах даюць бясплатныя пакеты. Але дрэнна, што гандаль прапануе іх толькі вялікіх памераў. Сёння людзі становяцца больш эканомнымі, менш набываюць, і добра было б, каб з’явіліся ў магазінах і маленькія пакеты, найлепшы варыянт — папяровыя.
У апошні час на рынку з’яўляюцца розныя тавары нізкай якасці, даволі небяспечныя, але з прывабным коштам, з невялікімі тэрмінамі прыдатнасці і нават без гарантыі. Гэтыя аднадзёнкі захламляюць наш рынак і павялічваюць звалкі. Ці зноў жа нам неабходна шукаць шляхі, як абараніцца ад увозу падобнай прадукцыі.
Газета “Звязда”22.03.2016 .Аўтар: Алена Дзядзюля